ГО́РСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у стараж. г. Горы Вялікія (цяпер в. Горы Горацкага р-на Магілёўскай вобл.). Быў умацаваны 7 бастыёнамі, злучанымі паміж сабой валамі-курцінамі, а таксама шырокім і глыбокім ровам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак быў заняты ў вер. 1654 войскамі А.М.Трубяцкога. У 1663 «фортеция Горская» згадваецца як вельмі разбураная, але ў дакументах 1680-х г. ужо ўпамінаюцца замак і гар. астрог. У апошні раз умацаванні Горскага замка спрабаваў выкарыстаць у 1708 шведскі кароль Карл XII. Пазней Горскі замак страціў сваё ваен. значэнне.
т. 5, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)